Сутнасць антрапалогіі, якія сучасныя напрамкі гэтай навукі існуюць зараз, навошта ў антрапалогіі даследуюць чарапы – гэтыя і іншыя пытанні разглядаліся пад час курса Наталлі Агарэлышавай.
Антрапалогія – тэрмін, які азначае сукупнасць метадаў, дысцыплін і напрамкаў, якія даследуюць чалавека і яго сутнасць. Антрапалогія імкнецца стварыць цэласную і поўную карціну чалавецтва.
Асноўнымі напрамкамі антрапалогіі з’яўляюцца:
- сацыяльна-культурная антрапалогія,
- фізічная антрапалогія,
- філасофская антрапалогія,
- біялагічная антрапалогія,
- гістарычная антрапалогія,
- лінгвістычная антрапалогія,
- лічбавая антрапалогія,
- гендарная антрапалогія і г.д.
Антрапалогію даволі часта блытаюць з этналогіяй, але, на самай справе, антрапалогія значна большая за этналогію, таму што апошняя займаецца даследаваннем народаў, ці этнасу, на падставе этнаграфічных дадзеных. Але этнаграфія выключна збірае і сістэматызуе інфармацыю, якая апісвае народы.
Найвышэйшая мэта антрапалогіі – пераканаць і асобных людзей і ўлады быць больш цярпімымі да розных культур і народаў.
Калі чалавек апынуўся ў іншай культуры – заўсёды ёсць рызыка ўзнікнення стэрэатыпаў, таму важна памятаць, што звычкі, рытуалы, традыцыі ў нас розныя, і ўспрымаць гэта трэба, як новы досвед, а не як дзівацтва.
Звычка – гэта форма паводзін, звязаная з дзейнасцю, якая мае практычнае значэнне ў рэгуляванні паўсядзённага жыцця.
Рытуалы – гэта цырымоніі, якія носяць сімвалічны характар.
Традыцыя, у сваю чаргу, з’яўляецца спосабам перадачы ад аднаго пакалення да другога ў выглядзе звычак, правіл паводзін і інш.
Акрамя звычак, рытуалаў і традыцый, антраполагі таксама даследуюць ідэнтычнасць. Ідэнтычнасці як уяўленне падзяляюць на этнічную, нацыянальную, рэлігійную, прафесійную.
Адной з самых важных плыняў антрапалогіі з’яўляецца антрапалогія спадчыны. Адна з галоўных рыс спадчыны – гэта прыналежнасць чалавека да народа ці этнасу, гэта тое, што аб’ядноўвае людзей. Менавіта на падставе гэтага аб’яднання з’явіўся “культ спадчыны”.
Культ спадчыны – гэта матэрыялізаваны культ продкаў, галоўнае месца ў якім іграла памяць аб памерлых, як механізм псіхалагічнай абароны. Такім чынам, антрапалогія спадчыны даследуе нашу сувязь з мінулым і продкамі.
Топ-3 цікавых факта з курса лекцый па асновах антрапалагічных ведаў:
Фабрыка “Камунарка” пад час памінальных свят вырабляе цукеркі, якія называюцца “Поминальные”, дзеля таго, каб людзі пакідалі іх на могілках.
Не ўсе будынкі, якія маюць таблічку “гісторыка-культурная каштоўнасць”, сапраўды ахоўваюцца. Некаторыя з іх знаходзяцца ў стане паступовага разбурэння з-за таго, што за імі няма догляду з боку дзяржавы, ці ўладальнікаў.
Зараз з’явілася новая плынь антрапалогіі, якая вывучае стасункі і камунікацыю людзей у сацыяльных медыя, і як сацсеткі ўплываюць на культуру розных народаў.
Запрашаем на наш YouTube канал, дзе вы зможаце паглядзець запісы заняткаў Наталлі Агарэлышавай і таксама даведацца, як палявыя дзённікі датычацца антрапалогіі і які прынцып антрапалогіі Наталля вывела на падставе сваіх даследаванняў.