У лютым у Гродна распачаліся заняткі Віртуальнага Універсітэту Залатога Веку. Пра тое, што гэта такое, распавядае адзін са стваральнікаў гэтай адукацыйнай пляцоўкі Вітаўт Руднік (на здымку ніжэй злева).
– Вітаўт, “Універсітэт Залатога Веку” існуе ўжо 10 гадоў. А як з’явілася ідэя стварыць Віртуальны ўніверсітэт?
– Такая ідэя з’явілася яшчэ некалькі год таму. Мы бачылі, што сталыя людзi з вялікай ахвотай наведваюць наш УЗВ і вельмі хацелі, каб такую магчымасць мелі і людзі з іншых мясцовасцяў.
Таму мы актыўна папулярызавалі ідэю стварэння адукацыйных пляцовак для сталых людзей, падобных на наш універсітэт. Сёння, у тым ліку дзякуючы нашай дапамозе, такія ўніверсітэты працуюць у Мінску, Кобрыне, Бабруйску.
Некалькі год таму мы апрабавалі мадэль Мабільнага УЗВ. Гэта выглядала так: мы бралі каманду з 4-5 выкладчыкаў і накіроўваліся на дзень у суседнія Парэчча, Азёры і Ваўкавыск, дзе праводзілі заняткі для мясцовых сталых людзей.
Такі фармат працы, аднак, патрабуе досыць шмат рэсурсаў і тады прыйшла ідэя рухацца ў бок стварэння Віртуальнага ўніверсітэту, які б дазволіў ахапіць сталых людзей нават з самых аддаленых мясцовасцяў.
Рэалізацыя гэтай задумы ўвесь час адкладалася з-за занятасці іншымі справамі, але тут прыйшла пандэмія і вымусіла стварыць наш ВУЗВ вельмі хутка.
Фармальна ён пачаў працаваць з верасня мінулага года, але рэальна яшчэ ў красавіку-траўні мы правялі больш за 100 розных лекцый, заняткаў, гасцёўняў у онлайн фармаце.
– На якую аудыторыю разлічаны Віртуальны Універсітэт Залатога Веку (ВУЗВ)?
– Фармальна – на сталых людзей. Рэальна – на людзей самых розных пакаленняў, якія хочуць развівацца ў любым узросце, быць «у трэндзе».
Сярод нашых слухачоў ёсць і людзі па-за межаў Беларусі, бо і там такіх віртуальных адукацыйных пляцовак бракуе.
Напрыклад, на першых лекцыях у нас былі ўдзельніцы з Казахстану ды Кыргызстану.
– Хто адгукнуўся на запрашэнне стаць выкладчыкамі Віртуальнага Універсітэта?
Самыя розныя людзі! Яшчэ вясной у нас былі эксперты з Ізраіля, Польшчы, Украіны, з розных гарадоў Беларусі. Гэта псіхолагі, гісторыкі, тэолагі, кінарэжысёры ды прафесіяналы з іншых сфераў. І гэта пры тым, што мы не абяцалі анікому грошай за працу!
Зараз мы маем прапановы з Украіны, Расіі, Бельгіі, Узбекістана, ЗША, Ізраіля, а таксама з самых розных гарадоў нашай краіны.
– Як вы выбіраеце тэмы лекцый і чым кіруецеся пры гэтым?
Мы імкнемся, каб тэмы заняткаў былі б як мага больш разнастайнымі і не абмяжоўваліся стэрэатыпнымі ўяўленнямі пра тое, што патрэбна сталаму чалавеку.
Стан здароўя – гэта далёка не адзіная рэч, якая хвалюе сталых людзей! Гэта мы зразумелі вельмі даўно.
Мы публічна абвяшчаем, што пачынаем ствараць праграму працы ВУЗВ на новы сезон і прапануем усім ахвотным заяўляць свае тэмы. Калі тэма нам падабаецца – уступаем у перамовы і прапаноўваем даслаць кароткае апісанне чакаемых вынікаў лекцыі альбо курса. Калі і тут нас усё задавальняе – узгадняем дзень і гадзіны правядзення заняткаў, дадаем іх у праграму і прапаноўваем усім ахвотным далучыцца да гэтых заняткаў.
Сёння нашая праграма распісаная ўжо да канца траўня.
Мы пачалі з тэмаў пра прафілактыку дэменцыі і эмацыйнага выпальвання, працягнулі лекцыямі пра станаўленне цывілізацый і дакументальнае кіно.
Далей будуць цікавыя сустрэчы, прысвечаныя ахове прыроды, гісторыі Беларусі, таму, як распачаць займацца спортам пасля 50, беларускім лекавым раслінам, гісторыі музыкі, фота, кухні Ізраіля і г.д.
– Хто стаў слухачом Віртуальнага Універсітэта? Ці ёсць праблемы ў слухачоў з анлайн-падлучэннем? Як вы іх вырашаеце?
На кожную лекцыю ёсць асобная рэгістрацыя. Удзел у першая лекцыі бралі 30 чалавек. Найперш гэта гарадзенцы, але былі і ўдзельнікі з Мінска, Пінска, Кобрына, Жыткавіч, Гомеля, Кыргызстана.
Як правіла, гэта людзі, якія ўжо мелі досвед онлайн навучання і таму асаблівых праблем з арганізацыях камунікацыі з імі ў нас не было.
Такія ўдзельнікі ўмеюць карыстацца чатам, задаюць пытанні ў прамым эфіры, каментуюць выказванні экспертаў. Мы вельмі заахвочваем інтэрактыўны фармат заняткаў і людзям гэта падабаецца.
Стараемся таксама далучаць да нашых заняткаў і тых людзей, якія пакуль мала знаёмыя з такім фарматам навучання. Таму стараемся навучаць карыстацца тым жа ЗУМам студэнтаў, якія наведваць нашыя стацыянарныя офлайн заняткі.
Ну і па ходу заняткаў, калі ў каго ўзнікаюць праблемы – стараемся іх аператыўна вырашаць. Здараецца, што і ўдзельнікі падказваюць выкладчыкам, як запусціць дэманстрацыю экрана альбо выключыць свой мікрафон.
Віртуальны універсітэт заснаваны ў 2020 г. сябрамі ГА “Цэнтр “Трэці сектар” і Установай “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый”.
Старонка ўніверсітэта ў Фэйсбуку: https://www.facebook.com/online.uzv.by
Ларыса Сыраваткіна, (Школа сучаснай журналістыкі-22)
01 сакавіка 2021