Віртуальны Універсітэт - адукацыйная пляцоўка для людзей усіх пакаленняў, якія імкнуцца атрымліваць уменні важныя для сябе і для жыцця ў сучасным грамадстве

Ад анархіста да ўплывовага беларускамоўнага аўтара, ад гімназіста да выдатнага аўтара газеты “Наша Ніва”. Пра гэта і яшчэ пра шмат чаго цікавага размаўлялі слухачы Віртуальнага Універсітэта на чарговай лекцыі, прысвечанай жыццёваму і творчаму шляху Максіма Багдановіча.

Як адзначыў вядоўца курса Васіль Дранько-Майсюк, кароткае жыццё Максіма Адамавіча нагадвае атракцыён “Амерыканскія горкі”: за кожным пад’ёмам здараліся нечаканыя трагедыі, якія балюча адбіваліся на жыцці творцы. Аднак упартасць Максіма, якая дасталася ў спадчыну ад бацькі, не дазваляла яму здацца.

На малога Максіма таксама паўплывалі кнігі, якія ён актыўна чытаў у дзяцінстве: эпасы, Іліяда і Адысея, Мальер, Бакача, Дэфо, Мільтан, Міцкевіч і іншыя. Апошні асабліва падабаўся Максіму Багдановічу. Водгукі творчасці Адама Міцкевіча можна назіраць у такіх творах Багдановіча як “Бура” ці верш пра павукоў.

Яшчэ адной крыніцай натхнення паэта стала яго захапленне малюнкамі мастака Каспара Давіда Фрыдрыха. Менавіта містычныя матывы яго карцін адлюстроўваюцца ў творчасці Паэта. 

Яго натхняла таксама Алаіза Пашкевіч, якая была першай, хто сказаў у сваіх творах, што трэба браць зброю і змагацца.

Важны этап жыцця Паэта прыпаў на час яго вучобы ў Ніжнім Ноўгарадзе. Мы занатавалі некаторыя факты пра гэты перыяд:

  • Максіму Багдановічу надта не падабалася вучоба. Аднойчы ў яго нават здарыўся канфлікт з настаўнікам. На шчасце, бацька прыняў бок Максіма, а не сістэмы.
  • 19 ліпеня 1907 года быў надрукаваны першы твор Максіма Багдановіча “Музыка” у 24 нумары газеты “Наша Ніва”. Гэты твор быў працягам традыцыі Францішка Багушевіча выдаваць беларускія творы з гісторыямі музыкаў.
  • Толькі выпадковы візіт крытыка Сяргея Палуяна ў рэдакцыю “Нашай Нівы” у Вільні паспрыяў таму, што Максіма Багдановіча пачалі актыўна друкаваць. З моманту выхаду першага твора ў 1907 да верасня 1909 усё, што Максіма адсылаў у рэдакцыю, адпраўлялі ў архіў.

Больш цікавых фактаў пра жыццё братоў Багдановічаў у Ніжнім Ноўгарадзе, прыгоды Максіма Адамавіча ў Ракуцёўшчыне, пра яго адносіны і стаўленне да аўтараў-сучаснікаў шукайце ў прэзентацыі Васіля і ў запісе гэтых заняткаў.

Апошнія запісы

Катэгорыі

Тэгі