Віртуальны Універсітэт - адукацыйная пляцоўка для людзей усіх пакаленняў, якія імкнуцца атрымліваць уменні важныя для сябе і для жыцця ў сучасным грамадстве

Якой заўжды была традыцыйная роля жанчыны ў беларускім грамадстве, чаму хлопчыкі ў XVI стагоддзі апраналі сукенкі і на падставе якіх даследаванняў можна казаць, што гісторыя Беларусі – гэта мужчынская гісторыя. 

Пра гэтыя і іншыя цікавыя факты ў час першай лекцыі новага сезону Віртуальнага Універсітэту распавядала кандыдат гістарычных навук, дацэнт Святлана Сілава.

Беларуская даследчыца Таццяна Шчурко падлічыла колькасць ўзгадванняў і выяваў мужчын  жанчын у школьных падручніках з 6 па 11 клас. Атрымалася, што ў гісторыі Беларусі яскрава бачна мужчынская дамінанта. Напрыклад, у падручніку 11 класа колькасць выяў мужчынскіх персаналій складае 349 малюнкаў, а жаночых – 13. Гэта 96 % і 4 % адпаведна.

Чаму так? Святлана абяцае, што паспрабуе адказаць на гэтае складанае пытанне на працягу свайго курса. Магчыма, адна з прычын звязаная з тым, што ўкладальнікамі падручнікаў па гісторыі з’яўляюцца, у асноўным, мужчыны.

І тысяча год таму, і зараз у грамадстве існуюць пэўныя бар’еры, якія вызначаюць нашу гістарычную прастору як мужчынскую. Войны, мастацтва, навука – гэта пераважна тое, што мы бачым у падручніках па гісторыі. Калі 349 малюнкаў у кнізе адлюстроўваюць мужчын, так ці інакш, публічная прастора усведамляецца мужчынскай. А штодзённае жыццё, дзе дамінантная роля жанчыны, застаецца па-за ўвагай.

Святлана падрабязна распавядае пра абставіны, людзей і падзеі, якія прывялі да такой сітуацыі. Таму шчыра запрашаем на наступныя заняткі гэтага курса!

Ну а мы пакуль сабралі Топ-3 цікавых фактаў з гэтых заняткаў:

  • Сукенкі ніколі не былі выключна жаночай вопраткай. Гэта можна назіраць на малюнках XVI – XVII стагоддзяў. У мінулым сукенка не ўспрымалася як прыкмета гендэрнай розніцы. Гэта адзначала, што хлопчык знаходзіцца на апецы маці. Яшчэ адна прычына ў тым, што так было значна прасцей спраўляць натуральныя патрэбы. Традыцыі сукенак паклалі канец публічная адукацыя і Зігмунд Фрэйд.
  • Рагнеда і Уладзімір, Марта і Міндоўг, Бірута і Давыд Гарадзенскі – не адзіныя гістарычныя прыклады, якія мы разумеем значна лепш, калі вывучаем не гістарычныя падзеі, а людзей. Гісторыя ўспрымаецца значна цікавей праз адносіны асоб паміж сабой.
  • Змены ў традыцыйным укладзе выхавання і жыцця адбыліся ў Беларусі пад час Першай Сусветнай Вайны. Жанчыны вымушаны былі ісці ў поле, браць на сябе мужчынскія абавязкі і займаць мужчынскія пасады.

Больш цікавых фактаў шукайце ў запісе гэтых заняткаў.

Апошнія запісы

Катэгорыі

Тэгі