Кім былі самыя ўплывовыя жанчыны ў гісторыі Беларусі, чаму іх дасягненні такія адметныя ў нашай гісторыі і як ўчынкі беларускіх жанчын натхнялі паэтаў і пісьменнікаў на гераічныя творы. Пра гэтыя і іншыя цікавыя факты ў час другой лекцыі новага сезону Віртуальнага Універсітэту распавядала кандыдат гістарычных навук, дацэнт Святлана Сілава.
Мы ўжо ўзгадавалі, што гісторыя Беларусі з’яўляецца пераважна мужчынскай – Усяслаў Чарадзей, Міндоўг, Кейстут, Вітаўт, Ягайла – гэтыя імёны ведаюць нават тыя, хто не асабліва цікавіцца гісторыяй. Але вялікую ролю ў лёсе знакамітых мужчын заўсёды адыгрывалі жанчыны.
Вось толькі некаторыя імёны, якія варта ведаць усім беларусам.
Еўфрасіння Полацкая
Першая кананізаваная жанчына Беларусі, якая паміж шлюбам і манастыром абрала служыць Богу і айчыне.
Усё жыццё Еўфрасіння Полацкая прысвяціла асветніцкай працы – перапісвала і перакладала кнігі, стварала майстэрні, жаночыя школы, падручнікі і вершы для вывучэння малітваў і законаў Божых. Гэта самы яскравы прыклад таго, што нават у далёкім XII стагоддзі маглі зрабіць жанчыны.
Ганна і Алена.
Ганна – жонка вялікага князя ВКЛ Вітаўта, якая разам са служкай Аленай пераканала яго ў тым, што ёсць шанец збегчы з палона і адолець Ягайлу. Гэта здарылася ў момант, калі Вітаўт амаль што звар’яцеў пасля забойства Кейстута.
Менавіта Алена ахвяравала сабой і засталася ў мурах Крэўскага замка, калі Вітаўт збег разам з жонкай пераапрануўшыся ў жаночую вопратку.
Ядвіга
Польская каралева, якая пражыла толькі 25 год, але за гэтае невялічкае жыццё паўплывала на жыццё не толькі польскага народа, але таксама беларускага і літоўскага.
Яна хутка і нечакана для сябе зрабілася каралевай, у якой адабралі каханне і амаль што прымусам выдалі замуж за Ягайлу.
На вяселле Ядвіга прыйшла ў не святочнай сукенкі і без упрыгожанняў. Праз яе Ягайла зрабіў Літву каталіцкай, а сам стаў каралём Польшчы.
І ўсё было амаль што па-людску, пакуль нехта не зладзіў паклёп на Ядвігу ў шлюбнай нявернасці. Суд апраўдаў Ядвігу, і з таго часу яна адмовілася выконваць свае шлюбныя абавязкі. Тым не менш, па звестках таго часу Ягайла быў несуцешным на магіле сваёй жонкі.
Гэта толькі некаторыя адметныя прыклады дзейнасці жанчын у гісторыі Беларусі.
Больш цікавых фактаў шукайце ў прэзентацыі Святланы і ў запісе гэтых заняткаў.
У час наступнай сустрэчы ў межах гэтага курса ўдзельнікі і ўдзельніцы курса працягнуць размову пра жанчын прадпрымальніц, і як змяняецца сітуацыя для жанчын у канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў.
03 снежня 2023