З’яўленне кнігадрукавання ў сярэдзіне XV ст. кардынальна змяніла Еўропу. Дзякуючы новаму вынаходніцтву, стала магчыма неверагодна паскорыць пашырэнне інфармацыі, распаўсюд ідэй і ведаў. Адбылася першая медыяльная рэвалюцыя.
Хто стаяў ля вытокаў кнігадруку? Дзе з’явілася першая друкаваная кніга, у Азіі ці ў Еўропе? Калі свет убачыў славянскі першадрук?
На ўсе гэтыя пытанні мы паспрабуем пашукаць адказы разам у час трох заняткаў Аляксандра Паршанкова, з якіх распачынаецца восьмы сезон працы Віртуальнага Універсітэта.
Мы ўбачым дзясяткі самых вядомых і цікавых еўрапейскіх старадрукаў, навучымся адрозніваць інкунабулы ад палеатыпаў, даведаемся, хто і чаму падаў у суд на Іагана Гутэнберга і пагартаем старонкі першай кнігі, надрукаванай на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Курс пабудаваны на матэрыяле найноўшых еўрапейскіх даследаванняў!
Заняткі будуць цікавыя аматарам еўрапейскай гісторыі, культуры і літаратуры любога ўзросту і ўзроўня падрыхтоўкі.
Аляксандр Паршанкоў
Дактарант Карлавага ўніверсітэта (Прага, Чэхія), выпускнік БДУ (Менск), магістр гістарычных навук. Даследніцкая дзейнасць Аляксандра прысвечана кірылічнай кнізе XVI-XVIII стст. і кніжнай культуры Вялікага Княства Літоўскага.
Калі?
21, 23 і 25 кастрычніка ў 19.00 па менскім часе (18.00 па Варшаве).
Дзе?
Zoom. Спасылка будзе дасланая на электронную пошту тых, хто заявіцца на ўдзел у занятках.
Як заявіцца?
Запоўніце да 20 кастрычніка форму заяўкі, пазначыўшы ў ёй актуальны адрас сваёй электроннай пошты.
14 кастрычніка 2024