Адны лічаць, што гэта чарадзейная палачка, якая можа выканаць любую задачу, толькі часам «тупіць» і часта прасіць перайсці на платную падпіску.
Іншыя ўпэўнены, што гэта дурны інструмент, які пастаянна памыляецца, блытае факты і размаўляе на дзіўнай мове з англіцызмаў і скарачэнняў.
Давайце разбірацца разам, хто мае рацыю!
На занятку мы паспрабуем разабрацца, як зрабіць так, каб штучны інтэлект працаваў і «па-чалавечы”, каб ён дапамагаў збіраць і аналізаваць інфармацыю, а не падмяняў факты і здаровы сэнс.
Мы разбяромся, як выкарыстоўваць ChatGPT і іншыя ШІ-інструменты ў штодзённай працы з тэкстамі і дадзенымі. Пагаворым пра тое, як фармуляваць задачы, каб ШІ сапраўды разумеў кантэкст, даваў зразумелыя адказы і не губляўся ў здагадках.
Паспрабуем зразумець, навошта патрэбны платны ChatGPT, чым ён адрозніваецца ад бясплатнай версіі, ці сапраўды ягоныя «23 еўра ў месяц» вартыя таго.
Разбярэмся, чым ШІ ад OpenAI адрозніваецца ад Google NotebookLM. Што лепш выкарыстоўваць пры зборы інфармацыі: нешта адно ці паспрабаваць аб’яднаць гэтыя два інструменты ў адзін невялікі канвеер?
Мы таксама знойдзем найбольш распаўсюджаныя памылкі, якія дапускае ШІ пры працы з тэкстамі, і паглядзім, як «перанавучыць» яго не паўтараць іх зноў. На рэальных прыкладах убачым, як стварыць уласнага чат-бота «Промтаўшчык», які будзе дапамагаць нам прапісваць дакладныя ТЗ для ШІ і кантраляваць яго працу.
Занятак адбудуцца на платформе Zoom 17 лістапада.
Пачатак у 20.00 па беларускім часе (18.00 па Варшаве, 19.00 па Вільні).
Працягласць занятку – да 90 хв.
Зарэгістравацца на занятак можна да 16 лістапада.
Пасля рэгістрацыі ў дзень правядзення занятку вы атрымаеце спасылку на Zoom.

Занятак правядзе Цімафей Чарненка – журналіст беларускага медыя «Соль». Рэдакцыя распавядае пра сусветны досвед медыяіндустрыі для журналістаў і медыямэнэджараў, а ў кастрычніку выпусціла вялікі гайд па ўстойлівасці медыя, створаны пры дапамозе штучнага інтэлекту.
Цімафей з 2023 года працуе ў беларускіх медыйных праектах – займаецца даследаваннямі, партнёрствамі, рэдакцыйнай працай і развіццём супольнасцяў.

05 лістапада 2025