Віртуальны Універсітэт - адукацыйная пляцоўка для людзей усіх пакаленняў, якія імкнуцца атрымліваць уменні важныя для сябе і для жыцця ў сучасным грамадстве

XVI стагоддзе займае асаблівае месца ў беларускай гісторыі. Статуты ВКЛ, Радзівілы, Будны, Гусоўскі, Скарына – спіс імёнаў і паняццяў з гэтай эпохі, знаёмых амаль кожнаму беларусу, можна яшчэ доўга працягваць. Часам можна пачуць, што гэта быў залаты век для нашай краіны і яе культуры. 

XVI стагоддзе займае значнае месца і ў гісторыі ўсёй Еўропы. У гэты час Адраджэнне ахоплівае ўжо ўвесь кантынент, адбываюцца тэктанічныя зрухі ў свядомасці, Рэфармацыя і Контррэфармацыя змяняюць цалкам стасункі паміж дзяржавай, царквой і вернікамі, кніга прыходзіць нарэшце амаль у кожны дом…  

Якое месца займала Вялікае Княства Літоўскае ў Еўрапейскай гісторыі гэтага часу? Якія агульныя тэндэнцыі былі характэрны для Заходняй Еўропы і беларускіх земляў. Ці існавала Беларусь ў XVI ст? Якім быў культурны ландшафт Усходняй Еўропы ў эпоху Адраджэння? Ці з’яўляецца ВКЛ часткай беларускага нацыянальнага міфа? На гэтыя і іншыя правакацыйныя пытанні можна будзе атрымаць адказ з курса.

Удзельнікі змогуць убачыць малавядомыя артэфакты, зазірнуць у гістарычныя крыніцы, праверыць свае навыкі ў палеаграфіі (дысцыпліна, якая вывучае гісторыю пісьма). Мы наведаем незвычайныя мясціны. 

Галоўная ідэя курса – не расказаць гісторыю Беларусі XVI стагоддзя, а паказаць нашую гісторыю ў кантэксце агульнаеўрапейскіх трэндаў і паразважаць над яе сэнсамі.  

Заняткі будуць цікавыя аматарам гісторыі і культуры любога ўзросту і ўзроўню падрыхтоўкі!

Вось тэмы нашых заняткаў: 

27 лістапада: Беларусы і беларускае ў XVI стагоддзі.

2 снежня: Культурны ландшафт Усходняй Еўропы XVI стагоддзя.

4 снежня: Вялікае Княства Літоўскае ў кантэксце еўрапейскай гісторыі XVI стагоддзя.

Запрашаем!

Пачатак: 20.00 па Менску (18.00 па Варашаве, 19.00 па Вільні).

Працягласць заняткаў – 1,5 гадзіны.

Мова: беларуская.

Зарэгістравацца на заняткі можна да 26 лістапада, націснуўшы на тыя заняткі, якія вы плануеце наведаць. Гэта зойме ў вас не больш за хвіліну!

Пасля рэгістрацыі за дзень і за гадзіну да пачатку заняткаў вы атрымаеце спасылку на ЗУМ, па якой зможаце далучыцца да іх.

XVI стагоддзе ў беларускай гісторыі: ці быў залаты век?

Заняткі праводзіць Аляксандр Паршанкоў.

Дактарант Карлавага ўніверсітэта (Прага, Чэхія) і малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута літоўскай мовы (Вільня, Літва), выпускнік БДУ (Менск), магістр гісторыі.

Даследніцкая дзейнасць Аляксандра прысвечана кірылічнай кнізе XVI-XVIII стст. і кніжнай культуры Вялікага Княства Літоўскага.

Таксама даследуе жыццё і дзейнасць, спадчыну Францыска Скарыны.

Запісвайцеся таксама на іншыя нашыя заняткі!

Апошнія запісы

Катэгорыі

Тэгі