Якім было жыццё першага беларускага драматурга, які напісаў п’есу пра жыхароў горада, хто натхніў Францішка Аляхновіча абраць культурніцкую прафесію і якую ролю ў гэтым адыгралі цыркавыя артысты – менавіта з такіх цікавых пытанняў пачалася першая лекцыя на курсе “Падарожжы па лабірынтах беларускай культуры”, які вядзе Васіль Дранько-Майсюк.
9 сакавіка споўнілася 140 год са дня нараджэння яркага беларускага культурнага дзеяча Францішка Аляхновіча. Ён быў акцёрам, драматургам, рэжысёрам. Яго жыццё нагадвала тыя цікавыя і драматычныя творы, якія ён пісаў.
Усё пачынаецца з сям’і. Францішак Аляхновіч нарадзіўся ў творчым і імпэтным асяроддзі, такім ён быў і сам. Дзед драматурга, Іван, кінуў сваю гаспадарку ў Радашковічах і пераехаў у Вільню, дзе зарабляў на жыццё ігрой на скрыпцы і малярскай працай. Сваё мастацкае ўменне граць на скрыпцы ён перадаў сыну, Каралю, бацьку Францішка Аляхновіча, які таксама зарабляў на жыцце ігрой у аркестрах і тэатрах. Сам Францішак шмат часу праводзіў з дзедам, які на яго моцна паўплываў.
Хлопчык Францішак вырас у чароўным асяроддзі тэатраў і цыркаў, якія вельмі палюбіў. Негледзячы на тое, што бацька Кароль быў супраць творчай прафесіі і прапанаваў Францішку больш сталую адукацыю, ён ўсё роўна вывучыўся на акцёра. Менавіта з акцёрства пачаўся яго разнастайны і насычаны творчы шлях.
Топ-5 найцікавейшых фактаў з жыцця Францішка Аляхновіча, пра якія даведаліся слухачы_кі лекцыі:
- Творчыя асобы маюць звычку змяняць свае імя. Фрацішак Аляхновіч не быў выключэннем. Ён мог падпісвацца, як Франук, Францішк, тое ж самае датычылася прозьвічша – Олехновіч, Алехновіч.
- Францішак Аляхновіч быў арганізатарам першай беларуская вечарынкі, якая адбылася ў Вільні ў лютым 1910 года. Праграма вечарынкі складалася з трох аддзелаў і ўключала пастаноўку камедыі, хоравыя спевы, беларускія нацыянальныя танцы.
- Калі Францішку Аляхновічу пагражае турэмнае зняволенне, ён тайна з’язджае ў Галіцыю. Пры гэтым у яго адсутнічае замежны пашпарт. Ён пераходзіць мяжу, грыміруючыся то пад старога, то пад калеку, то пад жабрака, то пад фурмана. Ён быў таленавітым акторам і граў пераканаўча не толькі на сцэне, але і ў жыцці.
- Дзякуючы намаганням Францішка Аляхновіча, у чэрвені 1916 года ў Вільні быў адчынены “Беларускі клуб”, дзе выступалі Іван Луцкевіч, Вацлаў Ластоўскі. Прысутнічалі прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў. Усяго ўрачыстае адкрыццё клуба наведалі каля 100 асоб.
- Аляхновіч быў файным рэжысёрам. Акрамя сваіх п’ес, ён таксама паставіў “Паўлінку” Янкі Купалы, але са зменамі, таму што Аляхновіч хоць і паважаў Янку Купалу, але яго многае раздражняла ў творах аўтара. Ён першы зрабіў “Паўлінку” вясёлай, прыбраў кепскі фінал, дапісаў трэці акт і назваў яго “Заручыны Паўлінкі”.
Больш цікавых фактаў шукайце ў запісе гэтых заняткаў.
У час наступнай сустрэчы ў межах гэтага курса (22 сакавіка) удзельнікі працягнуць размову пра драматургію і лёс Францішка Аляхновіча, і таксама пачнуць размову пра Максіма Гарэцкага.
Запісацца на гэтыя заняткі можна па гэтай спасылцы.