Якім чынам можна інвеставаць у здароўе, якія сімптомы першыя сведчаць аб тым, што жанчына ўваходзіць у сталы ўзрост — гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўвалі ўдзельнікі і ўдзельніцы першай лекцыі на курсе “Здароўе 55+: клопат пра сябе і сваіх блізкіх”.
Курс распрацаваны Аленай Гадалавай, спецыялісткай па працы з людзьмі сталага ўзросту, і дактарамі Ірынай і Андрэем Шніпавымі.
Усе 6 распрацаваных імі лекцый прысвечаныя медыцыне для людзей сталага ўзросту ды ўтрымліваюць багата парадаў, як захаваць здароўе жанчын і мужчын.
Мы сабралі Топ-5 цікавых фактаў з двух першых сустрэч пра агульную прафілактыку і жаночае здароўе, нейрагімнастыку і здаровы сон:
- Паводле новай класіфікацыі Усясветнай арганізацыі здароўя малады ўзрост зараз пачынаецца з 18 год і працягваецца да 44 год, сярэдні ўзрост — ад 45 да 59 год, сталы ўзрост — ад 60 і да 74 год, састарэлы – 75-90, а вышэй за 90 – доўгажыхары.
- Існуе два тыпу сну: павольны і хуткі. Павольны сон складае 75%, а хуткі — 25 %. Пад час павольнага сну мы абнаўляемся фізічна, а пад час хуткага — эмацыйна.
- Сталенне нашага арганізма пачынаецца з памяншэння альбо павялічвання колькасці пэўных гармонаў. Першы гармон, колькасць якога змяншаецца ў жанчын, гэта прагестэрон.
- Кагнітыўная гімнастыка — гэта спецыяльныя практыкаванні, якія не патрабуюць фізічных намаганняў і дапамагаюць захаваць гнуткасць розуму.
- Па апошніх даследаваннях, мазжачок адказвае не толькі за раўнавагу і каардынацыю, але таксама за кагнітыўныя функцыі ў нашым арганізме.
Больш парад аб тым, як захаваць здароўе, як выконваць кагнітыўную гімнастыку і арганізаваць здаровы сон, вы знойдзеце ў запісе гэтых заняткаў.