Ешце менш, больш рухайцеся, высыпайцеся, не нервуйцеся… Парад так шмат, што клопат пра сябе часам ператвараецца ў яшчэ адну працу. А што рабіць, калі змяняецца не толькі цела? Калі тое, што раней давалася лёгка, цяпер патрабуе больш сіл, цяжэй засяродзіцца ці аднавіцца пасля нагрузкі? Хочацца зноў адчуваць сябе як у дваццаць — ці, наадварот, узнікае думка: «Ну ўсё, гэта старасць»?
Запрашаем жанчын 50+ на размову пра тое, як лепш разумець сябе ў гэтых зменах. Паглядзім, што адбываецца з нашым целам і самаадчуваннем, якія чаканні рэалістычныя і як клапаціцца пра сябе без лішняга ціску.
Вы не «зламаліся», і ваш «тэрмін прыдатнасці» не скончыўся. З падобнымі цяжкасцямі сутыкаюцца многія жанчыны. Разбяромся, што можа быць звязана з менапаўзай, што варта абмеркаваць з лекарам і як знайсці свой спосаб жыць добра ў целе, якое змяняецца.
На сустрэчы разбяром:
- як могуць змяняцца цела і самаадчуванне ў перыяд менапаўзы і пасля яе, і чаго рэалістычна чакаць ад сябе;
- чаму лічба на вагах — толькі частка карціны і якую ролю адыгрываюць бялок і сілавыя практыкаванні ў жыцці жанчыны пасля 50;
- як улічваць сон, стрэс і патрэбу ў аднаўленні, не ператвараючы клопат пра іх у яшчэ адзін спіс патрабаванняў;
- як зарыентавацца ў парадах пра здароўе і пахудзенне, адрозніць карыснае ад міфаў і не дадаць сабе трывогі;
- як знаходзіць месца для пасільных змен у звычайным, неідэальным жыцці і падтрымліваць сябе, калі нешта не атрымліваецца.
Разынкай сустрэчы стане разбор знаёмых парад: «Ешце менш», «Больш рухайцеся», «Высыпайцеся», «Не нервуйцеся». Паглядзім, што ў іх карыснага, чаму ім бывае цяжка следаваць і як прыстасаваць іх да свайго жыцця. Будзем вучыцца заўважаць тое, што ўжо атрымліваецца, і ставіцца да сябе з дабрынёй, калі нешта ідзе не паводле плана.
Пасля сустрэчы вам будзе прасцей разумець змены ў сваім самаадчуванні, ацэньваць парады і вызначаць, што цяпер заслугоўвае вашай увагі.
Вы атрымаеце ідэі для клопату пра сябе з улікам сваіх патрэб і магчымасцяў. Будзе час і для вашых пытанняў.
Занятак правядзе Ганна Герасімава.

Сертыфікаваная коўч па менапаўзе, кансультантка па харчаванні і стваральніца праекта Anna Bloom Life.
«Мне 53 гады, я сама прайшла праз менапаўзу і сутыкнулася са зменамі цела і самаадчування, пра якія мы будзем гаварыць. Падзялюся тым, што кажа навука, сваім асабістым досведам і назіраннямі з асветніцкай працы з жанчынамі ў перыяд менапаўзы».
У мінулым сезоне Віртуальнага Універсітэта Ганна правяла цыкл з трох лекцый пра менапаўзу.
Запрашаем!
Пачатак: 29 кастрычніка ў 20.00 па Менску (18.00 па Варшаве, 19.00 па Вільні).
Працягласць заняткаў – 1 гадзіна.
Мова: руская.
Зарэгістравацца на занятак можна да 28 кастрычніка. Гэта зойме ў вас не больш за хвіліну!
Пасля рэгістрацыі за дзень і за 2 гадзіны да пачатку занятку вы атрымаеце спасылку на ЗУМ, па якой зможаце далучыцца да іх.
Звярніце ўвагу, што спасылка прыйдзе на адрас электроннай пошты, якую вы пазначыце пры рэгістрацыі. Пераканайцеся, што напісалі яе правільна! А яшчэ зазірайце ў спам:)

05 кастрычніка 2026