Віртуальны Універсітэт - адукацыйная пляцоўка для людзей усіх пакаленняў, якія імкнуцца атрымліваць уменні важныя для сябе і для жыцця ў сучасным грамадстве

Чаму творы Васіля Быкава набылі такую папулярнасць у свеце, хто натхняў аўтара на такую кінематаграфічнасць твораў, чаму ўсё ж такі Васіль Быкаў сябе дакараў – пра ўсё гэта даведваліся слухачы і слухачкі курса “Васіль Быкаў і яго Мефістофель”, які правёў у Віртуальным Універсітэце Васіль Дранько-Майсюк.

Можна з упэўненасцю казаць, што на жыццё Васіля Быкава прыпалі самыя цяжкія часы ХХ ст.: калектывізацыя, Другая Сусветная вайна, камуністычныя рэпрэсіі, перабудова. У такі час вельмі складана не тое, што быць героем, а нават цалкам не згубіць свае сумленне.

Насуперак абставінам – вайна, доўгія і пакутлівыя пошукі стылю, негатыўныя рэцэнзіі крытыкаў, пагрозы расправы – Васіль Быкаў адолеў і перамог свайго Мефістофеля. 

Мы ведаем яго не толькі як аўтара савецкага “Жураўлінага крыку” і “Сотнікава”, а таксама як творцу “Мёртвым не баліць”, “Адна ноч”, “Труба”, “Інтэграцыя”. Твораў, якія змяняюць погляд на пампезны гераізм, і паказваюць, што нават так званыя ворагі могуць быць больш чалавечнымі за сваіх.

Гэты сапраўды ўнікальны беларускі аўтар дакараў сабе за тое, што ён не быў тым сапраўдным сумленным пісьменнікам, які складаў творы ў стол, але ніколі не баяўся паказаць сябе з не гераічнага боку. Усю гэту палітру пачуццяў, рыс характару можна пабачыць у героях і творах пісьменніка, якія часта з’яўляюцца аўтабіяграфічнымі.

Каб зацікавіць вас яшчэ болей творчым шляхам Васіля Быкава, мы падрыхтавалі топ-3 нечаканых факты з жыцця пісьменніка:

  • Васіль Быкаў марыў стаць мастаком. Ён нават паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча на жывапіснае аддзяленне і атрымліваў стыпендыю, але быў вымушаны пакінуць вучобу з-за недахопу грошай.
  • Пад час вайны Васіль Быкаў некаторы час лічыўся загінулым, але ён вярнуўся ў родную вёску жывым, каб потым перабрацца ў Гародню.
  • Напрыканцы жыцця Васіль Быкаў напісаў шэраг цудоўных фантастычных твораў – “Труп” (1995), “Хвастаты” (1995), “Насарогі ідуць” (1995). Яны зусім не пра вайну.

Феномен Васіля Быкава ў тым, што ён амаль што адзіны беларускамоўны пісьменнік, які валодаў мовай свету. Ён ствараў тыя вобразы, сюжэты, сітуацыі, якія зразумелы кожнаму і кожнай, нягледзячы на тое, у якой краіне свету мы жывём і на якой мове размаўляем.

Раім вам паглядзець таксама запісы заняткаў курса Васіля Дранька-Майсюка на нашым Youtube-канале.

Запісвайцеся таксама на іншыя нашыя заняткі!