Не пакінуць анікога ў адзіноце! Пад такім лозунгам у Бабруйску, Гродна, Мінску, Наваградку, Наваполацку і шэрагу іншых гарадоў Беларусі пройдуць мерапрыемствы Тыдня, ініцыяванага кааліцыяй “За годнае даўгалецце”.
Знаёмім з заяўленымі на гэты момант у праграму Тыдня мерапрыемствамі.
Гродна: прэзентацыі УЗВ
У Гродна ў межах Тыдня з 28 верасня да 2 кастрычніка штодзённа будуць адбывацца прэзентацыі “Універсітэту Залатога Веку“.
Сёлета гэтая адукацыйная пляцоўка прапануе сталым гарадзенцам больш за 40 розных курсаў і клубаў, а таксама цэлы шэраг іншых мерапрыемстваў, накіраваных на інтэлектуальную, сацыяльную, фізічную актывізацыю сталых людзей, а таксама прасоўванне іх правоў і інтарэсаў.
Прэзентацыі гарадзенскага УЗВ будуць праходзіць на гэтым тыдні штодня ў 11.00 і 15.00.
Прэзентацыі арганізаваныя сябрамі кааліцыі – грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр “Трэці сектар” і некамерцыйнай установай “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый“.
Мінск: Бяспека сталых людзей 2020-2021
Семінар для спецыялістаў з арганізацый-грантаатрымальнікаў правядзуць у межах Тыдня супрацоўнікі міжнароднага грамадскага аб’яднання “Узаемапаразуменне“.
Удзельнікі трэнінга будуць вучыцца працаваць з такімі пытаннямі, як неўратызацыя сталых людзей, стварэнне псіхалагічна бяспечнага асяроддзя для сталага чалавека ў сям’і, арганізацыя тэлефоннай псіхалагічнай падтрымкі сталых людзей у стане панікі, алгарытм працы валанцёраў са сталымі людзьмі ў час ізаляцыі, выкліканай пандэміяй.
Семінар будзе праходзіць 29-30 верасня.
Мінск: даць кнізе другое жыццё
Прэзентацыя пяцігадовага юбілея ўдзельнікаў валанцёраў сталічнага “Універсітэту Трэцяга Узросту” у сацыяльным праекце «Кнізе другое жыццё» адбылася 25 верасня ў мінскай бібліятэцы імя Янкі Купалы.
У час сустрэчы былі падведзеныя вынікі ўдзелу сталых валанцёраў у гэтым праекце, абмеркаваныя перспектывы развіцця валанцёрскага руху, які дзейнічае на базе Універсітэта ўжо 5 гадоў.
Наваградак: пешаходная экскурсія для сталых людзей
Уключыць сталых людзей горада ў вывучэнне гісторыі малой радзімы, у развіццё кірункаў “вусная гісторыя” і “памяць” – такую мэту ставяць перад сабой супрацоўнікі Наваградскага гістарычна-краязнаўчага музея, якія ладзяць гэтую экскурсію.
Экскурсія пачнецца ў 11.00 29 верасня.
Наваполацк: майстар-клас па маляванні
Маляваць у тэхніцы простага алоўка і акварэлі будуць вучыцца сталыя людзі, якія наведаюць майстар-клас “Падмалёвак” гуртка мастацкай творчасці “Атмасфера мастацтва”.
Удзельнікі гэтых заняткаў змогуць атрымаць станоўчыя эмоцыі: радасць творчасці, захапленне цела ад судотыку з алоўкам і фарбамі, з мастацтвам ў новай тэхніцы малявання.
Мерапрыемства арганізавана аддзяленнем дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту дзяржаўнай установы “Наваполацкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”.
Майстар-клас пачнецца 28 верасня ў 13.00.
Бабруйск: адкрыццё новага сезону “Акадэміі 55+”
Пазнаёміцца з арганізатарамі і выкладчыкамі Акадэміі, праграмай заняткаў на 2020-2021 гг. змогуць сталыя жыхары Бабруйска, якія падалі сёлета заяўкі на ўдзел у занятках гэтай адукацыйнай пляцоўкі для сталых людзей.
Святочная сустрэча, прысвечаная пачатку новага навучальнага года Акадэміі, пачнецца ў 15.00 30 верасня.
Спіс мерапрыемстваў Тыдня годнага даўгалецця будзе дапаўняцца.
28 верасня 2020